laksiej: (Гэтага больш няма)
[personal profile] laksiej
Кастусь Каліноўскі — першы заступнік за беларускае слова, веру і незалежнасьць нашага Краю — стаў нацыянальным героем не ад таго, што так пастанавілі Рада БНР або ЦК КПБ. Ягоны вобраз Вялікага Справядлівага паклаўся на беларускую душу, куды б скіраванаю яна ні была. Яго прынялі і камуністы і нацыяналісты і проста беларускія людзі. У цяперашніх свабодаўскіх вулічных апытаньнях па ўсёй Беларусі ўражвае дакладнасьць таго, як яго ведаюць людзі. Паэт і пісьменьнік? Сапраўды, яго творы ёсьць у літаратурных анталёгіях. Партызан, рэвалюцыянэр, апазыцыянэр? Хто ж спрачаецца. Асьветнік, герой... Амаль нішто ня «міма».

У мінулую вайну савецкі партызанскі атрад імя Каліноўскага мог спаліць вясковую школку толькі за тое, што настаўнік выкладае дзеткам зьмест «Мужыцкае праўды»: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе»...

Мноства вядомых вершаў, раманы і нават пачатак беларускага кінэматографу — пра яго.

Супраць яго, прызнанага беларусамі ўсіх адценьняў, веравызнаньняў і палітычных поглядаў, можа быць толькі небеларус, толькі нехта з-за межаў нацыі, чужынец. Як той масквіч, што фундаваў у Менску эрпэцэшную царкву на вуліцы Каліноўскага і назву вуліцы патрабаваў зьмяніць. Улады знайшлі кампраміс (не замахнуліся на імя Справядлівага) — перайменавалі толькі частку вуліцы з гэтай самай царквою.

Каліноўскага нельга не любіць, калі ты беларус. Гэтае імя мацнейшае за кожны іншы знак нашае тоеснасьці. У Беларусі ўсе ад вясковай бабулькі да экзальтаванага сталічнага школьніка, ад бамжа да пасьпяховага бізнэсоўца, ад рэжымнага чыноўніка да дысыдэнта скажуць табе, што Каліноўскі — наш.

Што хаваецца за гэтым фэномэнам? Думаю, глыбока схаваная ў душы ўзаемнасьць.

Выпускнік Пецярбурскага ўнівэрсытэту вяртаецца на радзіму і становіцца лідэрам «польскага» паўстаньня ў сваім краі. Выдае першую беларускамоўную газэту. Шукае паразуменьня з простым народам. Ані каліва няшчырасьці або «прагматызму». І — што б ні гігікалі цяперашнія афіцыёзьнікі — ідзе на эшафот.

Як Хрыстос.

Чысты, беззаганны, сымбаль справядлівасьці. Тут паралель робіцца абсалютнай. Пілат паслаў Хрыста на самую ганебную сьмерць — расьпяцьце на крыжы. Так каралі толькі бандытаў. Расейскі губэрнатар Мураўёў паўтарыў тое самае з Каліноўскім. Замест расстрэлу, які «належаў» ваеначальніку ўсяе Беларусі і Літвы, ён у апошні момант загадаў Каліноўскага павесіць. Як бандыта.

І як Хрыстос аб'яднаў і аб'ядноўвае розных людзей у супольнасьць Людзі, так Каліноўскі аб'ядноўвае супольнасьць Беларусы. «Дэгераізаваць» яго для нашага народу — тое самае, што для чалавецтва «дэгераізаваць» Хрыста. А гэта значыла б зьнішчыць у нашых дачыненьнях паняткі справядлівасьці, шчырасьці і сумленьня, што ўвасобленыя найперш у постацях Хрыста і Каліноўскага, і гадаваць нашчадкаў, не абцяжараных гэтымі якасьцямі.

У адрозьненьне ад сымболікі і мовы, якія на вуліцах і ў эфірах яшчэ можна чымсьці замясьціць, на месцы спляжанага нацыянальнага героя ў беларускім сэрцы застаецца пустата.

Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»
This account has disabled anonymous posting.
If you don't have an account you can create one now.
HTML doesn't work in the subject.
More info about formatting

Profile

laksiej: (Default)
Laksiej Vajciachovič

July 2017

S M T W T F S
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     

Most Popular Tags

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 6th, 2025 06:33 pm
Powered by Dreamwidth Studios